Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курскі губэрнатар заявіў, што пасьля атакі ўкраінскага дрону па гарадзкім пляжы загінулі тры чалавекі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Губэрнатар Курскай вобласьці Аляксандар Хінштэйн заявіў, што 8 ліпеня ўвечары ўкраінскі бесьпілётнік ударыў па гарадзкім пляжы ў Курску.

Загінулі 3 чалавекі, яшчэ 7 параненыя, зь іх пяцёра ў цяжкім стане, у тым ліку 5-гадовы хлопчык.

У горадзе Рыльск Курскай вобласьці (каля 20 км ад мяжы з Украінай) дрон ударыў па шпіталі, будынку хуткай дапамогі і офісе аграфірмы. Паранены дзьве жанчыны, — напісаў Хінштэйн.

Паводле яго слоў, у вёсцы Карыж (каля 15 км ад украінскай мяжы) дрон пацэліў у прыватны дом — паранены 70-гадовы мужчына.

Украінскі бок гэтыя ўдары не камэнтуе, незалежных пацьверджаньняў слоў расейскага чыноўніка на гэы момант няма.

Паводле каналу Astra, бесьпілётнік над пляжам у Курску зьбіла расейская супрацьпаветная абарона. Магчымай мэтай дрона была філія навукова-дасьледчага інстытуту Міністэрства абароны, якая месьціцца непадалёк.

Расейскае міністэрства абароны паведаміла, што за ноч зьбіла 86 украінскіх дронаў над чатырма зь пяці памежных зь Украінай абласьцей, а таксама над Тульскай, Арлоўскай, Смаленскай, Рязанскай абласьцямі і ў Маскоўскім рэгіёне.

Украіна паведаміла, што 9 ліпеня расейскія вайскоўцы зьдзейсьнілі камбінаваны напад на Ўкраіну, выкарыстоўваючы аэрабалістычныя ракеты «Кінжал», крылатыя ракеты і сотні ўдарных бесьпілётнікаў. Асноўнымі мэтамі атакі былі Кіеўшчына і Валынь.

  • Памежныя раёны Расеі, паводле зьвестак мясцовых уладаў, амаль штодзённа цярпяць ад удараў украінскіх бесьпілётнікаў. Курск месьціцца за 80 кілямэтраў ад лініі фронту, таму тут таксама адбываюцца атакі бесьпілётнікаў, але радзей, чым у раёнах непасрэдна каля мяжы.
  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG