Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт лідэраў «Талібану»


Партрэт лідэра талібаў Ахундзады.
Партрэт лідэра талібаў Ахундзады.

Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе 8 ліпеня выдаў ордэры на арышт двух кіраўнікоў афганскага ісламісцкага руху «Талібан», які з 2021 году знаходзіцца ва ўладзе ў Афганістане.

Іх абвінавачваюць у злачынствах супраць чалавечнасьці, зьвязаных з перасьледам жанчын у краіне на падставе іх гендэрнай прыналежнасьці.

МКС выдаў ордэры на арышт духоўнага лідэра «Талібану» і дэ-факта кіраўніка Афганістану Хайбатулы Ахундзады, а таксама кіраўніка заснаванага талібамі Вярхоўнага суду Абдулхакіма Хакані. У абгрунтаваньні рашэньня гаворыцца, што ў суду ёсьць падставы меркаваць, што гэтыя асобы ўчынілі злачынствы супраць жанчын, дзяўчат і іншых асоб, якія, на думку талібаў, парушалі ўстаноўленыя імі жорсткія правілы, якія сур’ёзна абмяжоўваюць правы жанчын у Афганістане, або не адпавядалі іх чаканьням у сфэры гендэру.

З хадайніцтвам аб выдачы ордэраў на арышт Ахундзады і Хакані да суду ў студзені зьвярнуўся пракурор МКС Карым Хан.

Вярнуўшыся да ўлады ў Афганістане ў 2021 годзе, рух «Талібан» рэзка абмежаваў правы жанчын, сьцьвярджаючы, што выконвае патрабаваньні ісламскага права — шарыяту. Праваабаронцы, жыхары краіны, а ў многіх выпадках і самі талібы паведамлялі пра рэпрэсіі супраць жанчын, якія парушаюць устаноўленыя правілы, у тым ліку забойствы, катаваньні, турэмныя зьняволеньні і сэксуалізаваны гвалт.

Афганістан фармальна зьяўляецца ўдзельнікам Рымскага статуту, гэта значыць юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суду на яго распаўсюджваецца. Аднак удзел у працы суду прымаў ранейшы ўрад краіны, зьвергнуты талібамі, які цяпер не існуе. Заяву Хана талібы пакуль не камэнтавалі.

Міжнародны крымінальны суд па прапанове пракурора раней выдаваў ордэры на арышт іншых лідэраў дзяржаў, у тым ліку прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньягу. У працы суду прымае ўдзел большасьць краін сьвету, але многія краіны яго юрысдыкцыю не прызнаюць і крытыкуюць яго працу. Сярод іх Злучаныя Штаты, Расея, Кітай, Ізраіль.

3 ліпеня Расея стала першай краінай у сьвеце, якая афіцыйна прызнала ўрад талібаў — так званы Ісламскі Эмірат Афганістан. Гэтаму папярэднічала прыпыненьне забароны на дзейнасьць «Талібану» ў Расеі і яго выключэньне са сьпісу тэрарыстычных арганізацый.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG