Пра зьмены піша агенцтва «Позірк», якое правяло маніторынг апошніх прэс-рэлізаў банкаў.
«Альфа Банк у Беларусі» па 30 верасьня падоўжыў пэрыяд, на працягу якога ён не спаганяе камісіі па ўсіх формах давернага кіраваньня ў далярах, эўра і расейскіх рублях.
«Банк БелВЭБ» з 15 ліпеня зьмяняе тарыф на афармленьне дамовы закладу рухомай маёмасьці. Кошт паслугі павялічваецца ад 60 да 100 рублёў.
«Банк ВТБ (Беларусь)» скарэктаваў парадак укладаньня ўгодаў бягучага рахунку з выкарыстаньнем сваіх вэб-сэрвісаў. Цяпер іх можна адкрываць ня толькі з дапамогай інтэрнэт-банкінгу, сэрвісу «М-банкінг», але таксама праз сэрвіс «Вэб-фрэйм», які выкарыстоўваецца ў сетцы партнэраў банку.
«Банк РРБ» пачаў ажыцьцяўляць міжнародныя пераказы ў індыйскіх рупіях. Камісія за выходныя пераказы для юрыдычных асобаў складае 0,16% сумы (мінімум 35 даляраў, максымум — 235). Камісіі з боку трэціх банкаў, якія ўзьнікаюць пры правядзеньні плацяжу, спаганяюцца дадаткова ў выпадку выстаўленьня такіх рахункаў банкам-карэспандэнтам.
«Белаграпрамбанк» прапануе фізычным асобам крэдыты на набыцьцё аўтамабіляў Geely мадэляў Okavango, Coolray, Preface, Monjaro, Tugella тэрмінам да 10 гадоў па стаўцы ад 9,5% гадавых.
«Беларусбанк» пачаў афармляць віртуальныя карпаратыўныя карткі плацёжных сыстэмаў «Белкарт» і Visa. Даступныя Visa Business (тэрмін дзеяньня 35 месяцаў, валюты афармленьня — беларускі рубель, эўра і даляр) і «Белкарт-Карпаратыўная» (35 месяцаў; беларускі і расейскі рублі).
«Белгазпрамбанк» зьмяніў умовы наданьня дэпазытарных ячэек. Цяпер доступ да такой ячэйкі кліенту або яго прадстаўніку можа быць абмежаваны ў выпадках, «прадугледжаных заканадаўчымі актамі (напрыклад, гэта могуць быць выпадкі накладаньня арышту на дэпазытарную ячэйку або забароны на доступ да яе, накладзенай праваахоўнымі органамі, судом або судовым выканаўцам)».
«БНБ-Банк» у рамках заробкавых праектаў «Заробак на 1-2-3» і «Мой выбар» прапануе аформіць непэрсаніфікаваныя карткі. Банк таксама скасаваў камісію за пераказ грошай з рахунку, доступ да якога забясьпечаны банкаўскай карткай, а таксама за выдачу гатоўкі з рахунку з карткай безь яе выкарыстаньня.
«БСБ Банк» пачаў прадаваць плаціну (дагэтуль рэалізоўваў срэбра, золата). Для набыцьця трэба патэлефанаваць у банк і ўдакладніць, у якім аддзяленьні можна набыць зьлітак. Купля зьдзяйсьняецца ў аддзяленьні па ўзгодненым адрасе.
«МТБанк» ад 1 жніўня спыняе працу USSD-банкінгу. Ад таго дня даведацца пра балянс карткі, рэшту плацяжу па крэдыце, разблякаваць або заблякаваць карту з дапамогай USSD-запыту стане немагчыма. Усе гэтыя апэрацыі будуць даступныя ў мабільным банку Moby, Інтэрнэт-банкінгу «Мой Банк», кантакт-цэнтры.
«Сбер Банк (Беларусь)» прапануе фізычным асобам паслугу абмену пашкоджаных банкнот даляраў і эўра, якія захоўваюць прыкметы плацёжаздольнасьці. Камісія складае 10% сумы абмену (мінімум 25 рублёў) паводле курсу Нацыянальнага банку.
«Тэхнабанк» прапануе аформіць віртуальную картку Mastercard у мабільным дадатку MyTechno, якой можна аплачваць пакупкі праз Swoo Pay або Samsung Pay, вяртаючы да 1,5% сродкаў.
Ад 1 чэрвеня 2025 году ў Беларусі быў зарэгістраваны 21 банк (тры зь іх — з 100-працэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал — 10 млрд 360,5 млн рублёў (+2,5% за месяц і +13% у гадавым вымярэньні). Прыбытак банкаў, што працуюць у Беларусі, на 1 чэрвеня 2025 году склаў 1 млрд 787,5 млн рублёў — на 56,6% больш, чым месяцам раней (1 млрд 141,1 млн), і на 27,9% больш, чым на аналягічную дату 2024-га (1 млрд 397,1 млн).
Форум